
Прывітанне!
Я з 2018-га займаюся валанцёрскімі перакладамі на беларускую, а апошнія гады раблю камерцыйныя заказы. Учора чарговы раз пераглядаў розныя адкрытыя праекты перакладу на беларускую і зразумеў, што пара зрабіць трэд (або ланцужок?) пра тое, як укаціцца ў супольнасць беларускага перакладу праграм. Працы вельмі шмат, але інфармацыю знайсці складана.
Вырашыў запосціць таксама сюды, бо Рэдзіт індэксуецца пошукавымі сістэмамі і менавіта тут нібы сядзіць досыць шмат людзей.
Першае — чаты, у якіх можна размаўляць з аднадумцамі і задаваць пытанні. Тут ёсць выбар і пераважна гэта чаты ў тг:
– суполка перакладу Telegram на беларускую @peraklad. Вельмі шмат чаму сам там навучыўся. Часамі бывае таксічна, але там сабралася нямала вопытных удзельнікаў супольнасці;
– Шмат хто сядзіць ва @uchats (але там пераважае флуд);
– Чат суполкі перакладу Лінкс на беларускую @gnulinuxbechat. Няма флуду, можна плённа паразмаўляць;
– суполка Гульца https://t.me/+FQx_upNA2UMzMzUy. Ён пераважна перакладае відэагульні, але там можна часам таксама нешта па тэме абмеркаваць.
– ёсць больш маленькія суполкі па канкрэтных праектах, а таксама прыватныя суполкі, закрытыя ў мэтах бяспекі. Туды можна трапіць праз знаёмствы.
Перад пачаткам перакладу абавязкова азнаямляемся з маёй таблічкай, у прыватнасці аркушамі са стайлгайдам і карыснымі спасылкамі:
https://docs.google.com/spreadsheets/d/1k3XLX0G50jbHGxWxQge_pVI1U4mzf36IDkUcAUpkIvc/edit?usp=sharing
На Linux раю паставіць праграму Eloquent, а на браўзер паставіць LanguageTool, выбраўшы ў наладах лакальны сервер са стандартным адрасам. Тады вы зможаце карыстацца найлепшым спэлчэкерам бясплатна.
Многія перакладчыкі пачаткоўцы пачынаюць смела аспрэчваць тэрміналогію і стайлгайды, але паверце, гэта ўсё — вынік шматгадовых дыскусій розных суполак, у тым ліку калямовазнаўчых, а таксама праца спецыялістаў з адпаведнай спецыялізацыяй і адукацыяй. Таму ў абмеркаваннях вы будзеце часта чуць аргумент а-ля «так пішуць у Google». Гэта можа выглядаць для навічкоў глупствам, але тут справа вопыту і крэдыту даверу. Ёсць камерцыйныя перакладчыкі, якія паслядоўна паказваюць якасць, прафесійнасць і стандарты, мы імкнёмся адпавядаць гэтым планкамі і рабіць беларускія інтэрфейсы аднастайнымі, каб карыстальнік не пужаўся. Таму ў гэтай справе вельмі важна глядзець на іншыя буйныя праекты, слоўнікі, корпусы і арыентавацца на іх. У любым выпадку, вашыя пытанні вітаюцца, але калі ў вас ёсць імпэт усё на свеце перайначыць, то настойліва раю напачатку пачытаць хаця бы «Тэорыя і практыка беларускай тэрміналогіі», 1999.
Тут жа звяртаю ўвагу прыхільнікаў альтэрнатыўных правапісаў і "дэрусіфікацыі" беларускай мовы. Вельмі шмат ёсць юзераў, якія прыходзяць вучыць усіх "сапраўднай" беларускай мове і пачынаць "выпраўляць" ужо перакладзеныя радкі на тое, што ў іх у галаве. Не рабіце гэтага, гэта проста вандалізм і робіць шкоду ўсім. Калі вы хочаце нешта прапанаваць — ідзіце ў абмеркаванні і спакойна даказвайце сваю пазіцыю, але і намагайцеся слухаць і разумець довады іншых. Калі ў вас свой правапіс — збірайце прыхільнікаў і рабіце асобны праект. Мовасрачы — наша любімая народная забава, але яна забірае вельмі шмат часу, нерваў і высілкаў. Давайце паводзіць адзін адно паважліва. Таксама ўлічвайце, што многія перакладчыкі жывуць у Беларусі, таму пазбягайце абмеркаванняў палітыкі.
Працаваць вы хутчэй за ўсё будзеце з CAT (Computer-assisted translation) сістэмамі. Вам трэба добра ведаць, што ёсць гласарый, стайлгайд, памяць перакладаў (ТМ), машынны пераклад (МТ), спецыяльная разметка, пашырэнні .po (самы папулярны фармат файлаў перакладаў), .tmx (фармат для ТМак).
Зразумелі, што да чаго? Супер! Пачынаем перакладаць!
Платформы, дзе можна ўвайсці і адразу пачаць перакладаць:
– https://crowdin.com/projects?q=#showcases — самая буйная і актыўнай платформа для адкрытых перакладаў з самым поўным функцыяналам і актыўнай супольнасцю перакладу на беларускую. Гэта выдатны пачатак, а агульная якасць перакладаў там досыць высокая.
– https://translations.telegram.org — пераклад Telegram. Выдатная пляцоўка для таго, каб набрацца вопыту, паразмаўляць з актыўнай суполкай перакладчыкаў і пабачыць сапраўдную працу па буйным праекце. Адзін з цэнтральных перакладчыцкіх праектаў па супольнасці. Платформа, тым часам, досыць прымітыўная і нязручная, на жаль.
– https://translatewiki.net — вялізнейшы партал для перакладу інтэрфейсу і некаторых агульных старонак усіх вікі-праектаў, а таксама іншых праектаў, не звязаных з Вікімедыя. Там вельмі шмат працы і шмат розных практаў.
– https://hosted.weblate.org/ — некаторыя пераклады, якія хосцяцца на weblate. Не самая зручная платформа, але там досыць шмат цікавых праектаў, якія слаба або зусім не перакладзены на беларускую. Частка праектаў на Weblate хосціцца на серверах праектаў, таму там свае адрасы.
іншыя праекты:
Вельмі шмат праектаў трэба менавіта шукаць, заходзячы ў афіцыйныя рэпазіторыі праграм, на афіцыйныя сайты. Недзе будзе праект, разгорнуты на нейкай CAT-пляцоўцы, недзе вам прыйдзецца спампоўваць файлы і рэдагаваць іх лакальна. Часам прыйдзецца працаваць з git. Гэта не страшна, але трэба будзе крыху патыкацца-паразбірацца. Для перакладу .po-файлаў раю праграмку Poedit, дзе ёсць падтрымка TM-ак і LanguageTool.
Вось яшчэ некалькі важных, але не такіх зручных у працы праектаў:
– https://pontoon.mozilla.org/ (там ёсць праблемы з мадэратарам, але нібы сітуацыя паляпшаецца і ўжо можна выпраўляць артэфакты старога няякаснага перакладу)
– https://launchpad.net/~ubuntu-l10n-by
– https://l10n.gnome.org/teams/be/
– https://l10n.elementaryos.org/
– https://translate.fedoraproject.org/languages/be/
– https://translate.wordpress.org/locale/bel/
– https://translations.documentfoundation.org/
Ёсць і іншыя буйныя праекты, але, на жаль, многія каманды досыць мёртвыя і трэба канкрэтна іх адраджаць або ствараць (як напрыклад каманду для перакладу KDE).
Калі вы шукаеце файлаў ТМак, то можаце ўзяць вось тут:
https://drive.google.com/drive/folders/1h7DDzFLE3pxRxtbRGWLffc_vNy0_VEW5?usp=sharing
Буду перыядычна дадаваць туды тое-сёе ад сябе ды іншых перакладчыкаў.
Калі вы знайшлі нешта яшчэ — дадавайце тут, удакладняйце, або задавайце пытанні!
—
plaga-medicum